Сустрэча пакаленняў на “Світанку”

19.02.2024
17 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, у Вілейскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылося пасяджэнне культурна-асветніцкага аб’яднання “Світанак” на тэму “Родная мова як сувязь пакаленняў”.

Мова з’яўляецца не толькі сродкам інфармацыі і камунікацыі, але, галоўнае, спосабам перадачы культурных, духоўных і гістарычных каштоўнасцей нацыі. Таму лейтматывам пасяджэння стала тэма захавання беларускай мовы, і нездарма на ім прысутнічалі прадстаўнікі розных пакаленняў – навучэнцы ўстаноў адукацыі горада і людзі старэйшага ўзросту.

На пасяджэнне аб’яднання была запрошана Галіна Ігнацьеўна Капцюг, ветэран педагагічнай працы, аматар паэтычнага слова. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, пачала пісаць вершы. Творы Галіны Ігнацьеўны прасякнуты філасофіяй простага чалавечага жыцця, штодзённымі турботамі і клопатамі.

 Вершы і песні пад гітару ў выкананні госця “Світанка” Уладзіміра Яфімавіча Цануніна ўсхвалявалі ўсіх прысутных. Паэт і музыкант  закрануў тэмы любві да Радзімы, 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, генацыду беларускага народу падчас Вялікай Айчыннай вайны, трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.

Яскравым таксама стала выкананне беларускіх песен салістамі студыі эстрадна-патрыятычнай песні “Спадчына” Вілейскай гімназіі №2 Веранікай Міхновай і Міхаілам Булаўка пад кіраўніцтвам Аляксандра Вячаслававіча Жука.

Напрыканцы мерапрыемства малодшае пакаленне прызвалі захаваць беларускую мову, культуру, гісторыю і народныя традыцыі як найважнейшыя духоўныя каштоўнасці нацыі для сваіх дзяцей і ўнукаў.

 

Сяргей Рыжэвіч, кіраўнік культурна-асветніцкага аб’яднання “Світанак”, культарганізатар Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі