Пасяджэнне аб’яднання “Світанак”

11.12.2023
У суботу, 9 снежня, у Вілейскай гімназіі №2 адбылося пасяджэнне культурна-асветніцкага аб’яднання “Світанак” Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на тэму “Народная культура: прыгажосць, духоўнасць, праца…”.

Другая гарадская гімназія здаўна славілася традыцыямі захавання духоўнай і матэрыяльнай спадчыны Беларусі. Таму гасцям, навучэнцам устаноў адукацыі горада, было што і паказаць, і расказаць. Так намеснік дырэктара гімназіі Мікалай Міхайлавіч Іваненка правёў гутарку ў рэсурсным цэнтры па духоўна-маральным выхаванні, настаўніца Таццяна Пятроўна Матусевіч у этнакутку правяла гутарку “Культура свята, быту і працы беларусаў”.

Таксама ўдзельнікі аб’яднання прынялі актыўны ўдзел у майстар-класах. Настаўніца гімназіі Наталія Генадзьеўна Гулецкая правяла майстар-клас па выцінанцы, а педагог цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Леанідаўна Вайда – па саломапляценні. Напрыканцы сустрэчы ўсе госці прынялі ўдзел у майстар-класе па народных танцах з удзелам ансамбля танца “Карагод” (мастацкі кіраўнік Ірына Генадзьеўна Новік) і ансамбля народнай музыкі “Круцеліца” (мастацкі кіраўнік Уладзімір Аляксеевіч Версан).

На развітанне і ад Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, і ад усіх удзельнікаў мерапрыемства была выражана падзяка калектыву Вілейскай гімназіі №2, асабіста намесніку дырэктара Мікалаю Міхайлавічу Іваненку, за супрацоўніцтва ў сферы патрыятычнага і эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі, актыўны ўдзел у дзейнасці культурна-асветніцкага аб’яднання ”Світанак”.

 Інфармацыю падрыхтаваў Сяргей Рыжэвіч, культарганізатар

Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, кіраўнік 

культурна-асветніцкага аб’яднання “Світанак”