Пасяджэнне аб’яднання “Світанак”

17.04.2023
Чарговае пасяджэнне культурна-асветніцкага аб’яднання “Світанак” Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі адбылося ў мінулую суботу, 15 красавіка, у Вілейскай гімназіі №1 “Логас”. Агульнай тэмай пасяджэння з’яўлялася “Матэрыяльная і духоўная культура Вілейшчыны”.

Яшчэ са старажытных часоў нашыя продкі пакланяліся валунам, якіх на нашай малой радзіме нямала, нават рэдкіх для Беларусі. Пра іх і распавядала навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Наталля Францаўна Ляшковіч.

Нездарма пасяджэнне праводзілася пасля каталіцкага і напярэдадні праваслаўнага Вялікадня, найважнейшага хрысціянскага свята. Таму ўдзельнікі аб’яднання былі азнаёмлены з гісторыяй і сімвалізмам Пасхі па Старым і Новым запаветах Бібліі.

Пра народныя традыцыі жыхароў Вілейшчыны на Вялікдзень  расказала педагог дадатковай адукацыі Зоя Міхайлаўна Бабарыка.

Вельмі цікавую выставу велікодных яек падрыхтаваў Вілейскі Дом рамёстваў. Майстры народных мастацкіх рамёстваў Марына Мечыславаўна Галумбеўская і Наталля Яўгенаўна Данілевіч прадставілі экспазіцыю адзінага ў Беларусі музея яек, а затым правялі майстар-клас па традыцыйнай пісанцы.

Красачным аздабленнем мерапрыемства стала выступленне ансамбля народнай песні “Вілейскі самавар” Вілейскай гімназіі №1 “Логас” пад кіраўніцтвам Святланы Пятроўны Гакуць. Для ўдзельнікаў падзяджэння прагучала народная песня “А ў Вілейцы на горэ”, а ў канцы мерапрыемства ўдзельнікі ансамбля запрасілі ўсіх прысутных выканаць разам з імі валачобную песню “Вясна красна”.

Інфармацыю падрыхтаваў Сяргей Рыжэвіч, кіраўнік культурна-асветніцкага

аб'ядняння "Світанак", культарганізатар Вілейскага раённага цэнтра

дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі

поделиться в: