Дакранёмся да вытокаў

26.04.2024
26 красавіка на базе Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў рамках абласнога фестывалю метадычных ідэй “Крокі да майстэрства” прайшла Панарама педагагічнага вопыту “Папулярызацыя культурнай і гістарычнай спадчыны Беларусі сродкамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці.

Педагогі прынялі ўдзел у рабоце інтэрактыўных пляцовак, дзе знаёміліся з вопытам работы па ўключэнні вучняў у праектную дзейнасць па вывучэнні прыроды роднага краю на аснове настольнай экалагічнай гульні “Каляндар роднай прыроды”; з выкарыстаннем робататэхнічнага набору “МататаЛаб” знаёміліся з традыцыйнымі народнымі святамі на пляцоўцы “Кола святаў”. Цікава былі прадстаўлены майстар-класы “Мова беларускага арнаменту” і “Маляваныя дываны”, дзе ўдзельнікі выканалі невялікія сувеніры ў тэхніцы беларускай вышыўкі і традыцыйнага народнага роспісу. Яркім завяршэннем мерапрыемства стала прэзентацыя праекта па народных танцах і абрадах “Дакаранёмся да вытокаў” і выступленне творчага калектыву “Спадчына”.